Праблемы з PayPal у Беларусі могуць працягнуцца да кастрычніка

Сістэма PayPal заглючыла ў Беларусі

Сістэма PayPal заглючыла ў Беларусі / elavon.pl

Праблемы з плацяжамі праз сістэму PayPal могуць працягнуцца яшчэ месяц.

На складанасці з плацяжамі ў гэтай сістэме беларусы сталі скардзіцца ў другой палове жніўня. Кліенты некаторых банкаў казалі, што стала немагчыма прывязаць карткі да акаўнтаў. Пры спробе аплаты не праходзілі транзакцыі. Пры гэтым у некаторых карыстальнікаў плацяжы па-ранейшаму адбываліся без праблем. У банкаў, кліенты якіх сутыкнуліся з праблемай, запэўніваюць, што на іх баку няма ніякіх абмежаванняў.

Праблемы з сістэмай PayPal у Беларусі пацвердзілі ў службе падтрымкі кампаніі. Пра гэта піша Onliner, чытач якога атрымаў афіцыйны адказ ад кампаніі. У службе падтрымкі паведамілі, што праблему ўжо разглядае тэхнічны аддзел. Меркаваны тэрмін развязання праблемы — 6 кастрычніка 2025 года. Да таго часу карыстальнікам рэкамендуюць часова выкарыстоўваць іншыя спосабы аплаты.

Дарэчы, карыстальнікі плацежнай сістэмы кажуць, што сутыкнуліся з праблемамі не толькі ў Беларусі, але і з карткамі банкаў іншых краін. У прыватнасці, ёсць паведамленні пра складанасці з іспанскімі карткамі і карткамі Revolut.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.