Польскія байкеры, якім забаранілі ўезд у Расію, наведалі Курапаты

Польскія байкеры на акцыі памяці ў Курапатах / Stowarzyszenie Kocham Polskę
У Курапаты 30 жніўня прыбылі польскія байкеры з асацыяцыі "Люблю Польшчу" (Stowarzyszenie Kocham Polskę). Яны прыехалі, каб аддаць даніну памяці ахвярам савецкага тэрору.
У допісе ў Фэйсбуку байкеры так апісалі свой візіт: "Гэта быў момант глыбокай задуменнасці і разважанняў. Мы хочам, каб памяць пра ахвяры Панараў, Катыні, Курапатаў і ўсіх месцаў пакарання ніколі не згасала. Гэта не проста даніна памяці загінулым — гэта таксама абавязацельства перад будучымі пакаленнямі, каб гістарычная праўда заўсёды была жывая".
Яны ўсклалі кветкі і паставілі знічы каля помнікаў.
Раней польскія байкеры ездзілі ў Расію. Там яны правялі акцыю памяці каля мемарыяла "Меднае" пад Цвер'ю, дзе пахавана больш за шэсць тысяч польскіх вайскоўцаў, расстраляных у СССР у 1940 годзе. Пасля гэтага ўезд у Расію ім забаранілі і склалі пратаколы аб парушэнні міграцыйнага заканадаўства.
Расійская прапаганда назвала іх неанацыстамі і заявіла, быццам байкеры "скандавалі антырасійскія лозунгі і пакінулі пасля сябе нацыяналістычныя надпісы".






Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.