Польскі тэлеканал Polsat знік з кабельнага пакету ў Гродне
Рэгіён упершыню за 25 гадоў застаўся без польскага тэлебачання.
Буйны гродненскі аператар кабельнага ТБ “Гарант” пацвердзіў “Нашай Ніве”, што адключэнне сапраўды было. “Спынілася трансляцыя з боку Польшчы. Мы даслалі польскаму боку запыт на права рэтрансляцыі канала са спадарожніка. Але каментары будуць толькі пасля іх адказу”.
Мясцовыя жыхары пачалі актыўна абмяркоўваць гэтую тэму ў сеціве. Адзін з інтэрнаўтаў паведаміў, што ўжо пакінуў у кнізе скаргаў і прапаноў “Гаранта” прапанову вярнуць Polsat, а таксама ўвесці асобны пакет польскіх каналаў і заклікаў іншых зацікаўленых гродзенцаў, якія “фактычна выраслі на польскім ТБ”, зрабіць тое ж.
Зразумела, жыхары памежжа могуць лавіць польскі сігнал наўпрост з тэррыторыі суседняй дзяржавы. Для гэтага патрэбная магутная і правільна накіраваная антэна і тэлевізар, здольны дэшыфраваць лічбавы фармат — Польша завяршыла пераход да лічбавага ТБ 23 ліпеня 2013 года.
Пакеты ж аналагавых і лічбавых каналаў, якія прапануюць насельніцтву як “Гарант”, так і іншыя аператары кабельнага ТБ Гродненскай вобласці, увогуле не ўтрымліваюць польскіх каналаў. Няма іх і ў спісе замежных телепраграмаў, якія атрымалі дазвол на распаўсюд на тэрыторыі Беларусі. На сайтах аператараў кабельнага ТБ Гродзеншчыны таксама няма і навінаў пра спыненне вяшчання канала Polsat і дату яго магчымага аднаўлення.