Святлана Ціханоўская пад ціскам мужа адмяніла інтэрв'ю CNN

Святлана і Сяргей Ціханоўскія падчас сустрэчы з беларусамі ў Нью-Ёрку / stranazhizni / YouTube
Святлана Ціханоўская падчас візіту ў ЗША адмяніла інтэрв'ю тэлеканалу CNN пад ціскам мужа.
Гэта адбылося падчас сустрэчы Ціханоўскіх з беларусамі Нью-Ёрка, запіс з якой рабіў канал "Страна для жизни". У размове абмяркоўваліся вызваленне палітвязняў, стратэгія перамен і ролю саміх беларусаў замежжа.
Сяргей Ціханоўскі паведаміў, што сама сустрэча пераносілася тры разы з ініцыятывы Офіса, што стварала пэўнае напружанне. Некаторыя ўдзельнікі прыляцелі на сустрэчу з іншых штатаў.
У пэўны момант памочнікі паспрабавалі забраць Святлану на тэрміновае інтэрв'ю для тэлеканала CNN. Аднак супраць гэтага рэзка выступіў Сяргей, які заявіў, што сустрэча з беларусамі ЗША больш важная, бо яна і так пераносілася тройчы. Пры гэтым ён дадаў, што CNN не самы значны тэлеканал.
"Гэта не той канал, які патрэбны. Гэта ж не Fox News. Fox News — вось гэта канал, які глядзіць Дональд Трамп, і яму будзе прыемна ўбачыць Святлану Георгіеўну на Fox News, і вызваліць нашых хлопцаў. А калі ён убачыць яе на CNN, то мне здаецца, што будзе адваротны эфект. Акрамя таго, у нас гэтая сустрэча задоўга была запланаваная, і я лічу, што брыдка, няправільна будзе кінуць беларусаў тут і пайсці на CNN, сябры", — заявіў Ціханоўскі.
У выніку Святлана Ціханоўская засталася на сустрэчы з беларусамі ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.