Польскі чыноўнік апублікаваў пост з намёкам і ўзгадаў Джона Коўла

Джон Коўл

Джон Коўл / Euroradio

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Басацкі апублікаваў твіт, у якім узгадаў адваката Джона Коўла, што вядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам з амерыканскага боку.

"Увесь дзень сустрэч у Вашынгтоне, акруга Калумбія. Найважнейшая сустрэча адбылася з Джонам Коўлам, саветнікам прэзідэнта і спецыяльным прадстаўніком па Украіне і Беларусі. Коўл правёў перамовы з Лукашэнкам аб чарговым вызваленні палітзняволеных, у тым ліку палякаў і беларускіх супрацоўнікаў "Белсату", — напісаў польскі чыноўнік.

Пакуль не зразумела, ці вядзецца размова пра новыя вызваленні, ці пра падзеі, што мелі месца 11 верасня, калі некалькі дзесяткаў беларускіх палітзняволеных, а таксама замежных грамадзянаў былі вызваленыя з турмаў і калоній і вывезеныя ў Літву.

"Спадзяёмся на новыя добрыя навіны. Удачы, Джон!" — дабаў у сваім допісу польскі чыноўнік.

Напярэдадні Лукашэнка правёў нараду на тэму беларуска-амерыканскіх адносінаў і намякнуў на гатоўнасць да "вялікай здзелкі", калі тая будзе выгадна абодвум бакам. Падрабязнасці гэтай здзелкі пакуль невядомыя, але імаверна гаворка вядзецца пра вызваленне вялікай групы палітвязняў у абмен на зняццё санкцый ці іншыя саступкі з боку амерыканскага боку, як гэта адбылося месяц таму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.