Польская пракуратура атрымала заяву Карпушонак на Латушку

Вольга Карпушонак

Вольга Карпушонак / фота з яе старонкі ў Фэйсбуку

Нацыянальная пракуратура Польшчы атрымала заяву дэлегаткі Каардынацыйнай Рады Вольгі Карпушонак на кіраўніка Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку. Пра гэта піша "Зеркало" са спасылкай на афіцыйны адказ.

"Пацвярджаем, што заява [ад Вольгі Карпушонак] атрыманая, але яшчэ не зарэгістраваная",прыводзіць выданне словы прэс-службы Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.

У ведамстве не сказалі, калі менавіта атрымалі заяву. Таксама ў пракуратуры не паведамілі пра пачатак расследавання або адмову ад яго (паводле пар. 1 арт. 305 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Польшчы, зрабіць гэта трэба неадкладна пасля атрымання паведамлення аб злачынстве).

Пракуратура не можа ігнараваць заяву. Аднак яна можа адмовіцца расследаваць, калі ў заяве няма дастатковых падставаў для пачатку следства. Пры неабходнасці дадатковай праверкі фактаў пракуратура мае 30 дзён з моманту атрымання заявы для прыняцця рашэння.

Аналагічны запыт "Зеркало" накіравала ў пракуратуру Іспаніі, куды карпушонак, паводле яе словаў, таксама падала заяву. Афіцыйнага адказу выданне пакуль не атрымала.

30 жніўня Карпушонак апублікавала ў сацсетках заяву, у якой вінаваціла Латушку ў харасменце і сексуальных дамаганнях. Кіраўнік НАУ адпрэчыў абвінавачанні. 2 верасня дэлегатка КР паведаміла, што падала заявы супраць Латушкі ў пракуратуры Іспаніі ды Польшчы. Таксама яна заявіла, што пакінула тэрыторыю ЕС, асцерагаючыся за сваю бяспеку.

5 верасня Латушка паведаміў, што падаў у варшаўскі суд пазоў супраць Карпушонак аб абароне гонару і годнасці.

Месцазнаходжанне Вольгі Карпушонак на цяперашні момант невядомае. Выказваюцца меркаванні, што яе заявы могуць быць інспіраваныя беларускімі спецслужбамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.