Польшча распавяла, ці будзе прымаць савецкія пасведчанні аб нараджэнні

Дакументы беларуса ў Польшчы / mm-biuro.pl
Польшча патлумачыла беларусам, ці будзе прымаць ад іх дакументы, выдадзеныя ў часы БССР.
Праблемы ўзніклі ў пачатку жніўня, калі беларусы з розных гарадоў Польшчы падавалі дакументы на рэгістрацыю ў мясцовыя польскія загсы, а там супрацоўнікі патрабавалі паставіць апастыль на дакументы, што былі выдадзеныя ў часы БССР. Такое патрабаванне, напрыклад, узнікала, калі чалавек намагаўся падаць дакументы на атрыманне польскага грамадзянства.
Шмат для якіх беларусаў паставіць апастыль у Беларусі цяпер немагчыма, бо вяртанне ў краіну нясе небяспеку затрымання.
У Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі Еўрарадыё патлумачылі, што забароны на прызнанне дакументаў, выдадзеных у часы БССР, краіна не ўводзіла.
Паводле адказу, які атрымала Еўрарадыё, у Польшчы дзейнічаюць нормы, якія дазваляюць транскрыпцыю замежных актаў грамадзянскага стану, у тым ліку ў сітуацыях, калі атрымліваць новы дакумент або апастыль з краіны паходжання немагчыма.
"Варта адзначыць, што кожны выпадак разглядаецца індывідуальна кіраўніком актавага запісу грамадзянскага стану", — дадалі ў ведамстве.
Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі перадасць ваяводам дадатковыя рэкамендацыі, каб пазбегнуць непаразуменняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.