Польшча накіруе да мяжы з Беларуссю яшчэ тысячу вайскоўцаў
Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак з вайскоўцамі / PAP
Яшчэ тысячу вайскоўцаў накіруе Мінабароны Польшчы на мяжу з Беларуссю. Пра гэта паведамляе інфармагенцтва PAP.
Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак даручыў накіраваць дадатковыя войскі "ў сувязі з дынамічнай сітуацыяй на польска-беларускай мяжы і запытам каменданта памежнай службы аб узмацненні ўдзелу ў ахове мяжы".
7 жніўня намеснік кіраўніка МУС Польшчы Мацей Вонсік паведаміў, што памежная служба краіны папрасіла ўмацаваць мяжу з Беларуссю тысячай салдатаў. Таксама ён адзначыў, што мігранты, якія хочуць прарвацца з тэрыторыі Беларусі ў ЕС вядуць сябе ўсё больш агрэсіўна ў дачыненні да польскіх памежнікаў. Як распавядала Еўрарадыё, мігранты сталі выкарыстоўваць петарды супраць польскіх патрулёў.
Пасля прыбыцця новых вайскоўцаў агулам іх колькасць на мяжы складзе 3000 чалавек.