Польшча хоча падоўжыць спрошчаную выдачу беларусам праязнога дакумента замежніка

Праязны дакумент замежніка / MOST
Польшча мае намер да 31 снежня 2025 года падоўжыць для беларусаў спрошчаны парадак выдачы праязнога дакумента замежніка. Падрыхтаваны праект адпаведнага распараджэння міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі, піша MOST.
Праязны дакумент замежніка — гэта часовая замена пасведчання асобы. Дакумент выдаюць тым замежнікам, у якіх пашпарт згублены ці не сапраўдны, а атрымаць новы няма магчымасці. Беларусам сталі выдаваць такія дакументы пасля таго, як Лукашэнка забараніў консульствам за мяжой мяняць дакументы грамадзянам РБ.
Спрошчаны парадак выдачы характарызуецца тым, што:
— атрымаць праязны дакумент могуць нават тыя беларусы, якія ніколі раней не мелі праязнога дакумента (у тым ліку пашпарта), у тым ліку дзеці;
— беларусам не трэба даказваць, што яны не могуць атрымаць пашпарт ад уладаў сваёй дзяржавы;
— для падачы заявы падыходзяць не толькі пастаянны ВНЖ, карта доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС, гуманітарны ВНЖ або статус дадатковай абароны, але і часовы ВНЖ (незалежна ад мэты выдачы).
Акрамя таго, грамадзянаў Беларусі бестэрмінова вызвалілі ад выплаты збору за выдачу дакумента.
Аўтары праекта ў абгрунтаванні канстатуюць, што гэтае рашэнне апраўданае і гэта пацвярджаецца тым, што пастаянна павялічваецца колькасць заяў ад беларусаў на атрыманне польскага праязнога дакумента замежніка. У 2020 годзе такіх заяў было толькі шэсць, у 2021-м — 22, у 2022 годзе — 138.
Значны рост пачаўся з 2023 года, калі стала немагчыма абмяняць беларускія пашпарты ў консульствах. У тым годзе беларусы падалі 1460 заяў на польскі праязны дакумент, у 2024-м — 3893, а ад пачатку 2025 года па 15 красавіка гэтага года — ужо 1494.
Павялічваецца і колькасць выдадзеных беларусам польскіх праязных дакументаў замежніка. У 2023 годзе іх атрымалі 983 беларусы, у 2024-м — 3328, а сёлета да 15 красавіка — 1272.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.