Польшча адкрые мяжу з Беларуссю ў ноч на 25 верасня

На беларуска-польскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

На беларуска-польскай мяжы, ілюстрацыйнае фота / PAP

У ноч на чацвер, 25 верасня, Польшча адкрые мяжу з Беларуссю. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Дональд Туск.

"Мы прынялі рашэнне сумесна з міністрам унутраных спраў, які сёння выдасць адпаведную пастанову аб адкрыцці чыгуначных і аўтамабільных памежных пераходаў [з Беларуссю], якія былі зачыненыя ў сувязі з манеўрамі "Захад" і ростам пагрозы і палітычнай нестабільнасці каля нашай мяжы", — перадаюць польскія СМІ словы кіраўніка ўрада.

Польшча цалкам закрыла мяжу з Беларуссю 12 верасня. Фармальна гэта было прымеркавана да правядзення беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў "Захад-2025". Пры гэтым афіцыйная Варшава падкрэсліла, што адкрыццё мяжы не адбудзецца аўтаматычна пасля заканчэння вучэнняў, прызначаных на 12-16 верасня.

Паводле Туска, закрыццё мяжы з Беларуссю выканала сваю задачу: "Калі напружанне ўзрасце ці паводзіны нашых суседзяў зменіцца, мы зноў прымем такое рашэнне. Гэтыя прамыя прычыны цяпер скончыліся".

Ён нагадаў, што нядаўна ў Польшчы таксама прайшлі сумесныя вайсковыя вучэнні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.