Польшча адклала на некалькі тыдняў адкрыццё мяжы з Беларуссю

Польшча адклала адкрыццё памежных пунктаў з Беларуссю, ілюстрацыйнае фота

Польшча адклала адкрыццё памежных пунктаў з Беларуссю, ілюстрацыйнае фота / Telegram-чат ГраницаBY (Брест)

Пасля таго, як Літва закрыла мяжу з Беларуссю, Польшча вырашыла адкласці адкрыццё сваіх памежных пунктаў з нашай краінай.

"Учора я размаўляла па тэлефоне з прэм'ер-міністрам Польшчы. Гэта была вельмі падрабязная і грунтоўная размова, і мы дамовіліся, што польскі прэм'ер адкладзе адкрыццё межаў. Гэта значыць, што мы каардынуем свае дзеянні, і на сённяшні дзень межы будуць закрытыя як у Польшчы, так і ў Літве", перадае LRT словы кіраўніцы літоўскага ўрада Інгі Ругінене.

Пра тое, што адкрыццё пунктаў пропуску "Кузніца" і "Баброўнікі" на беларуска-польскай мяжы адкладзенае на некалькі тыдняў, паведаміў і міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі, выступаючы ў праграме "Сігналы дня".

Ён дадаў, што дакладная дата адкрыцця памежных пераходаў не прызначаная.

У аўторак прэм'ер-міністр Дональд Туск абвясціў, што Польшча гатовая ў лістападзе адкрыць два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. А ў сераду літоўскі ўрад пастанавіў закрыць мяжу з Беларуссю да 30 лістапада. Прычынай сталі масавыя атакі метэазондаў з беларускай тэрыторыі, праз што на мінулым тыдні чатыры разы спынялі працу літоўскія аэрапорты.

Дарэчы, на гэтым тыдні не было ніводнага паведамлення пра масавую атаку метэазондаў з Беларусі на Літву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.