Платформа дапамогі пацярпелым "Адно акно" спыніла працу — вось у чым справа

Вольга Гарбунова / Ольга Горбунова / Еўрарадыё

Актывістка і праваабаронца Вольга Гарбунова

Сацыяльны праект "Служба "Адно акно", які дапамагаў рэпрэсаваным беларусам кансультацыямі па юрыдычных і грамадзянскіх пытаннях, перастаў працаваць. 

Еўрарадыё звярнула ўвагу, што сацсеткі і сайт ініцыятывы не абнаўляюцца з сярэдзіны студзеня 2025 года.

Як патлумачыла стваральніца праекта і праваабаронца Вольга Гарбунова, прычына прыпынення дзейнасці — адсутнасць фінансавання, якое праект атрымліваў ад арганізацыі USAID, расфармаванай у пачатку года адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа

Платформа дапамогі пацярпелым "Адно акно" спыніла працу — вось у чым справа
Скрыншот галоўнай старонкі сэрвіса "Служба "Адно акно" / Еўрарадыё

“У нас была вялікая і моцная каманда, мы ўдзячныя кожнай і кожнаму за ўдзел у праекце. Але, на жаль, без фінансавання не бачым магчымасці працягваць працу ў ранейшым аб'ёме. Таму на некаторы час усё пастаўлена на паўзу", — падкрэсліла суразмоўца. 

Гарбунова кажа, што нягледзячы на прыпыненне дзейнасці "Службы "Аднаго акна", людзі працягваюць да гэтага часу да іх звяртацца. 

“Мы перанакіроўваем звароты ў профільныя арганізацыі, таму што сваіх кансультантаў і юрыстаў у службы цяпер ужо няма. На піку працы 90% тых, хто звярнуўся, знаходзіліся ўнутры Беларусі. Мы атрымлівалі 300-350 зваротаў у месяц, часцей за ўсё пытанні былі звязаныя з адсутнасцю разумення сваіх грамадзянскіх правоў з-за страху перад дзяржорганамі. Наш досвед паказаў, што заўсёды запатрабаваная прафесійная юрыдычная дапамога, важная сацыяльна-псіхалагічная падтрымка", — кажа Вольга.

Пераважная колькасць запытаў, якія паступаюць  у "Службы "Адно акно" — гэта юрыдычныя кансультацыі: спрэчкі з працадаўцамі, пытанні жылля, спадчыны, працы, хатняга гвалту. Шмат пытанняў узнікае адносна дзяцей: выплата аліментаў, дапамог, ільгот. 

Гарбунова пакуль не ведае, калі праект адновіць працу ў ранейшым аб'ёме.

"Мы шукаем магчымасці: падаем заяўкі, размаўляем з патэнцыяльнымі донарамі. Але калі праект працягне працаваць на ранейшую магутнасць разумення няма", — разважае праваабаронца.

Праект "Служба "Адно акно" пачаў працу восенню 2023 года як працяг ініцыятывы "Марафон салідарнасці "Нам не ўсё роўна". Яго з камандай запусціла Вольга Гарбунова, калі займала пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета. Восенню 2024 года Вольга выйшла са складу АПК разам з праектам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.