План Трампа: Крым расійскі і адмова Украіны ад NATO — WSJ

Дональд Трамп / АР
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці плана па завяршэнні вайны ва Украіне, які падрыхтавала адміністрацыя Дональда Трампа. У ім прапаноўваецца прызнаць Крым расійскай тэрыторыяй, Украіна павінна адмовіцца ад уступлення ў NATO, а тэрыторыю вакол Запарожскай АЭС прапануюць прызнаць нейтральнай пад кантролем ЗША.
Разам з тым у плане не прапануецца прызнаць расійскімі захопленыя тэрыторыі чатырох украінскіх абласцей. Праўда, расіянам не прапануецца і пакінуць іх, заўважае hromadske.ua.
Таксама ЗША не заклікаюць зменшыць украінскае войска ці абмежаваць заходнюю вайсковую падтрымку для Кіева. Не выступаюць Штаты і супраць разгортвання еўрапейскіх войскаў ва Украіне.
Падрабязнасці плана выданню The Wall Street Journal расказалі заходнія чыноўнікі са спасылкай на канфідэнцыйны дакумент, прадстаўлены Украіне на перамовах у Парыжы 17 красавіка.
Прадстаўнік Дзярждэпу падкрэсліў, што гэта патэнцыйныя варыянты для абмеркавання, а не ультыматум. Адказ украінскага боку чакаюць на сустрэчы прадстаўнікоў ЗША, Украіны і ЕС у Лондане напрыканцы гэтага тыдня. Калі пазіцыі будуць узгодненыя, то ініцыятывы могуць накіраваць Маскве.
Раней Штаты заявілі, што могуць адмовіцца ад пасярэдніцкай ролі паміж Украінай і Расіяй, калі хаця б адзін з бакоў не выкажа жадання ўдзельнічаць у "здзелцы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.