Першыя беларусы сустрэліся з Папам Рымскім Львом XIV
Беларускія грэка-католікі сустрэліся з Папам Рымскім Львом XIV / vaticannews.va
Першыя беларусы пабывалі на сустрэчы з новым Папам Рымскім Львом XIV. Гэта адбылося 14 траўня, калі пантыфік праводзіў сустрэчы з усходнімі католікамі.
На аўдыенцыі прысутнічала дэлегацыя беларускіх святароў, перадае Vatican News. У яе складзе былі апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, айцец Андрэй Абламейка з Мінска, айцец Андрэй Крот з Гродна і айцец Яўген Усошын, канцлер курыі апостальскай адміністратуры.
У сваім звароце Леў XIV падкрэсліў важнасць католікаў усходняга абраду: "Касцёл мае патрэбу ў вас. Які ж вялікі ўклад можа даць нам сёння хрысціянскі Усход!" Таксама ён вялікую ўвагу надаў тэме міру і заявіў, што Святы Пасад гатовы садзейнічаць, каб ворагі сустрэліся і паглядзелі адзін адному ў вочы.
На трансляцыі было відаць, што архімандрыт Сяргей Гаек падарыў пантыфіку абразок, і паміж імі адбылася кароткая размова.