Першае пасяджэнне новаабранага складу КР прайшло са скандалам
Каардынацыйная рада / Калаж Еўрарадыё
Увечары 12 чэрвеня адбылося першае пасяджэнне новаабранага трэцяга складу Каардынацыйнай рады. Яно было адзначана скандалам: вялікая частка дэлегатаў пакінула пасяджэнне на знак байкоту.
Пасяджэнне ішло анлайн у жывым эфіры. У ім удзельнічалі таксама дэлегаты другога склікання КР. З прывітальным словам выступіла лідарка дэмсілаў Святлана Ціханоўская, якая прапанавала ўдзельнікам новага складу КР факусавацца на тым, што аб’ядноўвае, а не дзеліць. Яна расказала, што праект Пратаколу ўзаемадзеяння паміж КР, Аб’яднаным пераходным кабінетам і Офісам ужо падрыхтаваны і неўзабаве будзе прадстаўлены на разгляд усіх трох структур.
Пасля выступу Ціханоўскай слова атрымаў спікер КР другога склікання Андрэй Ягораў. Ён стаў расказваць, якія правілы працы і механізмы дзейнічаюць у КР. Падчас ягонага выступу з анлайн-эфіру сталі выходзіць удзельнікі некалькіх спісаў.
Выявілася, што яшчэ да пачатку пасяджэння пяць новаабраных спісаў выступілі з агульнай заявай. У ім гаварылася, што парадак дня першага пасяджэння і парадак фармавання органаў КР мусіць вызначаць новая Рада. Ад Ціханоўскай і кіраўніцтва КР другога склікання чакалі толькі прывітальных словаў.
Пад гэтай заявай падпісаліся пяць выбарчых спісаў КР — каманда Латушкі і Рух "За свабоду" (28 чалавек), "Еўрапейскі выбар" (8 чалавек), "Незалежныя беларусы" (8 чалавек), "Воля" (6 чалавек) і "Хопіць баяцца" (3 чалавекі). Агулам гэта 53 дэлегаты з 80 новаабраных.
Выступ Ягорава яны патрактавалі як ігнараванне іх думкі. Павел Латушка ў каментары заявіў, што яго спіс "пакінуў пасяджэнне, таму што былы спікер КР Андрэй Ягораў адмовіўся прыслухацца да пазіцыі большасці пры падрыхтоўцы парадку дня сённяшняга пасяджэння".