То-бок сістэма ў Беларусі выбудаваная такім чынам, што ніхто не хоча браць на сябе адказнасць. Таму ён і спрабуе сказаць, маўляў, нічога з вамі не будзе страшнага, усё будзе добра, бярыце гэтыя паўнамоцтвы — я дзялюся. Раней не дзяліўся, а цяпер кажа — вось я ўказ прыняў, па-іншаму фармую ўрад.
Так, ён дасылае такія мэсэджы, але сістэма ўсё роўна пабудаваная такім чынам, што зробіш нешта не тое — будзеш крайнім. Лукашэнка ніколі не скажа, што нехта прапанаваў нешта добрае, але ён сам памыліўся. Такога ніколі не будзе.
Пакуль ён існуе на ўзурпаванай пасадзе прэзідэнта, тыя людзі, якія там сядзяць, заўсёды будуць адчуваць гэты ціск зверху.
Я ўпэўнены, што ўсе гэтыя віцэ-прэм’еры, новы прэм’ер-міністр Турчын, іншыя людзі з адміністрацыі сядзяць і думаюць: “Перасядзім дзеда! Зараз у нас ёсць рычагі і інструменты. Калі яго заўтра не будзе, мы ўсё роўна застанемся гэтай намінакулатурай і будзем уплываць на сітуацыю. Трэба проста перасядзець гэты перыяд, каб ён нас не зняў, не пасадзіў, не знішчыў” — нешта такое.
Чыноўнікі будуць выконваць загады Лукашэнкі, але пры гэтым думаць, што будзе пасля яго. Таму яны там такія шчаслівыя і сядзяць. Ён ім напеў, што вы — будучыня, вы — будучая ўлада, вы будзеце вырашаць, хто там будзе наступны, вы — маладыя, вам краіну перадаем. Таму яны сядзяць і адчуваюць: краіна ўжо ў іх руках, эліта Беларусі будучыні сфармулявана. Але яны не разумеюць, што праз два-тры гады ён таксама іх здыме, скіне, і нічога не будзе.
Ніколі ў жыцці.