Пажарную сістэму апавяшчэння ў Кемераве адключыў ахоўнік гандлёвага цэнтра

Пажарную сістэму апавяшчэння ў Кемераве адключыў ахоўнік гандлёвага цэнтра

Супрацоўнік прыватнага ахоўнага прадпрыемства ў гандлёвым цэнтры ў Кемераве адключыў сістэму апавяшчэння, калі атрымаў сігнал аб пажары. Цяпер вырашаецца пытанне пра яго затрыманне, паведамляе "Новая газета" са словаў афіцыйнай прадстаўніцы Следчага камітэта Расіі Святланы Пятрэнка.

У СК таксама паведамляюць пра сур'ёзныя парушэнні пры ўводзе гандлёвага цэнтра ў эксплуатацыю і ў працэсе яго працы. Напрыклад, былі заблакаваныя пажарныя выхады ў гандлёвым цэнтры. 

Канчатковыя высновы аб прычынах пажару і вінаватых у трагедыі Следчы камітэт абяцае назваць па выніках следчых і працэсуальных дзеянняў і судовых экспертыз.

У рамках расследавання затрыманыя чатыры чалавекі. Гэта тэхнічны дырэктар кампаніі-ўласніка будынка, арандатар памяшкання, у якім (як мяркуецца) знаходзіўся эпіцэнтр узгарання, супрацоўнік і кіраўнік арганізацыі, якая займалася абслугоўваннем пажарнай сігналізацыі.

Нагадаем, што пры пажары ў гандлёвым цэнтры "Зімовая вішня" ў цэнтры Кемерава загінулі 64 чалавекі, яшчэ шасцёра лічацца зніклымі без вестак.