Павел Дураў абвінаваціў журналістаў у дыскрэдытацыі Telegram

Telegram 

Telegram  / Reuters

Заснавальнік Telegram Павел Дураў заявіў, што некаторыя крытычныя публікацыі журналістаў, якія датычацца працы месэнджэра, могуць быць "мэтанакіраванай кампаніяй па дыскрэдытацыі". Ён адзначыў, што такія публікацыі часта ўяўляюць сабой "медыяціск" на Telegram.

У якасці прыкладаў Дураў прыводзіць, паводле яго слоў, ілжывыя паведамленні шэрагу расійскіх і ўкраінскіх СМІ пра блакіроўку OSINT-каналаў "па палітычных прычынах". Ён тлумачыць, што "некалькі каналаў былі кароткачасова прыпынены аўтаматычнымі скрыптамі праз публікацыі асабістых дадзеных".

Таксама ён згадаў "тэхнічна непісьменнае расследаванне пра IP-адрасы Telegram", якое, паводле яго слоў, "было шмат разоў абвергнута незалежнымі спецыялістамі", аднак абвяржэнне "атрымала меншае асвятленне, чым першапачатковае недакладнае паведамленне".

Дураў падкрэслівае, што Telegram ужо больш за 12 гадоў абараняе правы на прыватнае жыццё і свабодны доступ да інфармацыі, і таму "цалкам магчыма, што цяпер мы маем справу не з бяскрыўднымі памылкамі журналістаў, а з мэтанакіраванай кампаніяй па дыскрэдытацыі". Да таго ж, з-за, паводле яго слоў, фэйкавай навіны пра сыход Telegram з Расіі, якую апублікавала сатырычным выданне "Панарама", месэнджэру давялося "дадаваць пазнаку з абвяржэннем пад такімі пастамі ў Telegram-каналах".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.