Гомельскі пракурор сказаў, чаму караюць за падабайкі і падпіскі ў сацсетках

Уладзіслаў Журакоўскі

Уладзіслаў Журакоўскі / newsgomel.by

Беларусаў жорстка караюць за падабайкі і падпіскі ў сацсетках, каб не павышалі бачнасць непажаданага для ўладаў кантэнту. Пра гэта ў інтэрв'ю "Гомельскім ведамасцям" расказаў пракурор Гомеля Уладзіслаў Журакоўскі.

"Чым больш у групы падпісантаў, тым вышэйшая яе бачнасць у рэкамендацыях. Чым больш падабаек, тым больш актыўнае яе прасоўванне. І вось палітычна нейтральны малады чалавек, які ніколі раней не цікавіўся палітыкай, па выпадковым запыце ці праз рэкамендацыі трапляе ў такую ​​групу. Менавіта таму заканадаўства прадугледжвае адказнасць за падпіску на падобныя рэсурсы — кожны ўдзельнік мімаволі падвышае іх небяспечную папулярнасць", — заявіў пракурор.

Пры гэтым сцвярджае, быццам за адну падабайку за краты людзей не кідаюць:

"Зразумела, што за адну падабайку чалавека ў турму не пасадзяць. Але калі вы ўвесь час каментуеце, лайкаеце не толькі малюнак, але і тэкставую інфармацыю дэструктыўнага характару — вось гэта ўжо паказвае, што вы прытрымліваецеся гэтых поглядаў. Калі вы ставіце падабайку, вы папулярызуеце гэтую інфармацыю, надаяце ёй значнасць. Таму нашая дзяржава праз адпаведныя формы і метады з гэтым змагаецца".

Як неаднойчы паведамлялі праваабаронцы, падабайкі і перапосты ў сацсетках становяцца падставай для крымінальнага пераследу беларусаў. Іх вінавацяць у "распаўсюдзе экстрэмізму".

Між тым нават цяперашняя Канстытуцыя Беларусі ў артыкуле 33 сцвярджае: "Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх".

Але, як сказаў Лукашэнка ў інструкцыі пракурорам увосень 2020-га, "иногда не до законов". Нават калі гэта Асноўны закон.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.