Пастаўкі беларускага бензіну ў Расію знізіліся амаль у тры разы

Беларусь у студзені-траўні паставіла ў Расію 248,9 тыс. тон бензіну. Экспарт беларускага аўтамабільнага паліва на расійскі рынак знізіўся ў 2,7 разу ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014-га, альбо на 420,5 тыс. тон (на 62,8%), інфармуе БелаПАН.

Пры гэтым аб'ём вытворчасці аўтамабільнага бензіну ў нашай краіне сёлета вырас, як і агульны аб'ём яго экспарту. За першыя пяць месяцаў было выраблена 1,79 млн. тон бензіну (у параўнанні з аналагічным перыядам 2014-га выпуск паліва павялічыўся на 1,2%).

Больш за 75% вырабленага бензіну Беларусь экспартавала — 1,36 млн. тон аўтамабільнага паліва (гэта на 3,7% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года).

Значнае зніжэнне паставак аўтамабільнага бензіну ў Расію сёлета беларускі бок раней тлумачыў нявыгаднымі цэнавымі ўмовамі, якія склаліся на расійскім рынку.


Фота: Fotolia