Пасля вяртання ў Беларусь арыштавалі акторку і сцюардэсу Катарскіх авіяліній

Вераніка Жалубоўская

Вераніка Жалубоўская / фота з яе старонкі ў Фэйсбуку

У Беларусі пасля вяртання з-за мяжы затрымалі Вераніку Жалубоўскую — акторку, мадэль і сцюардэсу катарскіх авіяліній. Яе вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе, піша "Наша Ніва".

Жалубоўскай 29 гадоў. Пасля мінскага ліцэя №1 яна адвучылася ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (скончыла ў 2017-м). Мяркуючы па ўсім, адначасова дзяўчына вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Потым тры гады яна адпрацавала сцюардэсай на Катарскіх авіялініях. Як акторка яна знялася ў эпізадычных ролях у чатырох фільмах пад псеўданімам Вераніка Бруснікіна, а таксама супрацоўнічала з мноствам мадэльных агенцтваў.

Апошняе фота ў сацсеткі дзяўчына выклала 18 лістапада 2024 года з Турцыі. Імаверна, яе затрымалі, калі яна вярталася адтуль у Беларусь.

Разгляд справы Веранікі Жалубоўскай пачнецца 4 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Яе вінавацяць паводле "народнага" артыкула — ч. 1 арт. 342 КК. Дзяўчыне пагражае да трох гадоў калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.