Пасля паказу прапагандысцкага фільма Латушка атрымаў пагрозу забойствам

Павел Латушка

Павел Латушка / тг-канал Латушкі

"Гэта тэлеспектакль для аднаго гледача. Як былы дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы стаўлю гэтай пастаноўцы "0". Зусім без аганьку".

Так Павел Латушка ацаніў прапагандысцкі фільм пра беларускія пратэсты, які выйшаў напярэдадні на тэлеканале АНТ.

У стужцы сцвярджалася, быццам Латушка планаваў падпаліць штаб апазіцыі на вуліцы Веры Харужай, таму Святлане Ціханоўскай спатрэбілася дапамога сілавікоў.

У якасці доказаў прыводзяцца словы Аляксандра Гусака і сумнеўны аўдыязапіс размовы нібыта паміж ім і Латушкам.

"Што да Гусака — мяне проста як чалавека хвалюе і засмучае сама пастаноўка пытання: ці мой голас, ці сустракаўся з ім? Не сустракаўся, не мой голас і, вядома, нічога падобнага не тое, што не мог рыхтаваць, але і абмяркоўваць",заяўляе ў каментары "Белсату" Латушка.

Таксама ён кажа, што пасля выхаду фільма атрымаў ужо дзве пагрозы — фізічным гвалтам і забойствам. Адна з іх паступіла адразу паслы паказу фільма, другая — сёння зранку а 5-й гадзіне. Паводле Латушкі, гэтаксама адбывалася перад нападам у Варшаўскім універсітэце, калі ў яго кінулі сметніцу.

"У мяне няма сумневаў, што гэта спецаперацыя КДБ інфармацыйнага, прапагандысцкага і сілавога характару, распачатая публічна 1 ліпеня гэтага года і санкцыянаваная асабіста дыктатарам Лукашэнкам", — дадаў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.