Партызанскі праспект у Мінску зацягнула парай з-пад зямлі (фота, відэа)
У Мінску на Партызанскім праспекце ў другой палове дня 18 студзеня можна было назіраць незвычайную карціну. Вялікі ўчастак дарогі быў закрыты густым воблакам пары.
У каментары onliner.by намеснік галоўнага інжынера па эксплуатацыі Мінскіх цепласетак Андрэй Жашко патлумачыў, што адбылося значнае пашкоджанне цеплавой сеткі. Па яго словах, прарвала трубу, якая ідзе ад сістэмаў ацяплення. Спецыялісты перакрылі пашкоджаны ўчастак, а кватэры ў раёне пераключылі на іншыя магістралі і іншыя цеплавыя крыніцы. Дзякуючы гэтаму ўдалося пазбегнуць адключэнняў цяпла.
Меркаванай прычынай аварыі папярэдне назвалі фізічны знос трубы.