Партыя правага папуліста Андрэя Бабіша перамагла на выбарах у Чэхіі

Андрэй Бабіш і Святлана Ціханоўская

Андрэй Бабіш і Святлана Ціханоўская / x.com/Tsihanouskaya

Партыя правага папуліста Андрэя Бабіша перамагла на выбарах у Чэхіі. Хаця і без абсалютнай большасці: ANO набрала 34,6% (80 месцаў у парламенце) і будзе шукаць у парламенце партнёраў для кааліцыі.

Альянс цэнтрысцкіх і правацэнтрысцкіх сіл SPOLU, які кіраваў у Чэхіі да гэтага часу, захаваў за сабой толькі 52 мандаты. Ліберальнае цэнтрысцкае аб’яднанне мэраў і незалежных муніцыпальных дэпутатаў STAN атрымае 22 крэслы. Бар'ер у 5% пераадолелі яшчэ тры партыі.

Выбары праходзілі на фоне падзення рэйтынгаў урада Пятра Фіялы. Нягледзячы на зніжэнне інфляцыі і рост рэальных заробкаў, кіруючая кааліцыя не змагла вярнуць давер выбаршчыкаў. А Бабіш будаваў кампанію на абяцаннях "лепшага жыцця" — зніжэння падаткаў, павышэння пенсій і г.д.

Прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел пачынае кансультацыі з партыямі, якія прайшлі ў парламент. Пасля гэтых сустрэч стане вядома, каму кіраўнік дзяржавы даручыць фарміраваць новы ўрад.

Галоўнае пытанне цяпер — як зменіцца стаўленне Прагі да беларускіх дэмакратычных сілаў і да Украіны. Бабіш як правы папуліст выступае за скарачэнне дапамогі Кіеву, але яго мінулае кіраванне ў 2017-2021 гадах запомнілася і скандаламі ў дачыненнях з Масквой.

Святлана Ціханоўская ўжо павіншавала Бабіша з перамогай. "Я веру, што новы ўрад Чэхіі, сфармаваны па выніках гэтых выбараў, захавае цвёрды курс на салідарнасць і працягне падтрымліваць нашу барацьбу за свабоду і вяршэнства права", — напісала яна ў X.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.