Памерла ўдава Рыгора Барадуліна

Валянціна Барадуліна на адкрыцці мемарыяльнай шыльды з імем Рыгора Барадуліна, 2017 год

Валянціна Барадуліна на адкрыцці мемарыяльнай шыльды з імем Рыгора Барадуліна, 2017 год / svaboda.org

Памерла Валянціна Міхайлаўна Барадуліна — удава Народнага паэта Рыгора Барадуліна. Ёй было 85 гадоў. Свайго мужа яна перажыла на дзесяць гадоў.

Апошнім часам Валянціна Міхайлаўна часта хварэла, сёлета ў жніўні нават трапіла ў рэанімацыю, адзначае Радыё "Свабода". Апекавалася бабуляй унучка Дамініка.

Рыгор і Валянціна пазнаёміліся яшчэ ў студэнцтве. Разам яны пражылі ў шлюбе 53 гады.

Валянціна была "лірычнай музай" паэта. Рыгор Барадулін ёй першай зранку на кухні чытаў вершы, напісаныя ўначы.

У 2015-м, праз год пасля смерці мужа, Валянціна Міхайлаўна апублікавала ў часопісе "Дзеяслоў" успаміны пра яго. Нататкі пра Рыгора Барадуліна выйшлі пад назвай "53 гады разам з геніем — непрыхарошаныя ўспаміны".

Паведамляецца, што з жыцця Валянціна Барадуліна пайшла 18 снежня. Развітанне з ёй ужо адбылося.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.