Палякі спужаліся расійскіх “Начных ваўкоў”
Яны лічаць, што запланаваны расіянамі мотапрабег — папярэджанне аб магчымым ваенным уварванні ў Еўропу.
Польскія інтэрнэт-актывісты занепакоеныя планамі расійскіх байкераў з клуба “Начныя ваўкі” здзейсніць мотапрабег “Масква-Берлін”, маршрут якога пройдзе ў тым ліку праз тэрыторыю Польшчы. У сацыяльнай сетцы Фэйсбук нават з’явілася група, дзе палякі выказваюць свае асцярогі ў сувязі з гэтай акцыяй і просяць улады забараніць “Начным ваўкам” уезд у краіну.
На думку стваральнікаў групы, у 2014 годзе расійскія байкеры з’явіліся ў Крыме педад яго далучэннем да Расіі, а затым “Начныя ваўкі” бралі ўдзел у баявых дзеяннях у Данецкай і Луганскай абласцях.
У апісанні групы адзначаецца, што запланаваны байкерамі мотапрабег па краінах Еўрасаюза можна расцэньваць як “папярэджанне еўрапейскім дзяржавам” або нават як “пачатак расійскай агрэсіі”.
Мотапрабег “Масква-Берлін” запланаваны “Начнымі ваўкамі” з 25 красавіка па 9 траўня і прымеркаваны да Дня перамогі. Яго маршрут праходзіць праз Беларусь, Польшчу, Аўстрыю, Чэхію і Славакію, перадае ВВС.