Палітзняволеную Вікторыю Кульшу перавялі ў СІЗА, на яе распачалі новую справу

Вікторыя Кульша / spring96.org
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу перавялі ў СІЗА-3 Гомеля. Яна павінна была выйсці на волю 6 красавіка. Аднак на яе распачалі чарговую крымінальную справу, чацвёрты раз па артыкуле 411 — "Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы". Агулам гэта пятая крымінальная справа палітзняволенай, піша dissident.by.
Вікторыю Кульшу затрымалі ў лістападзе 2020 года і абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаў. Яна была адміністратарам тэлеграм-канала "Кіроўцы 97%". Летам 2021-га суд прыгаварыў яе да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі. У гомельскай калоніі на жанчыну распачалі яшчэ адну крымінальную справу аб "злосным непадпарадкаванні" супрацоўнікам калоніі. Суд у выніку прыгаварыў яе да дадатковага года пазбаўлення волі. Потым Вікторыю перавялі ў калонію ў Зарэчча, дзе ціск з боку адміністрацыі працягнуўся. Яе зноў кідалі ў карцэр, на паўгода адправілі ў памяшканне камернага тыпу. Кульша на знак пратэсту некалькі разоў аб'яўляла галадоўку. У выніку на яе зноў распачалі справу за непадпарадкаванне і прызначылі яшчэ год калоніі.
За кратамі ў палітзняволенай выявілі анкалагічнае захворванне. Агулам Вікторыя Кульша ўжо адбыла ў зняволенні 70 сутак ШІЗА і 6 месяцаў у ПКТ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.