Палітзняволеная Таццяна Батура пакінула Беларусь

Мінчанка, якую затрымалі перад судом над Вольгай Залатар, пакінула Беларусь. Таццяну Батуру вызвалілі на пахаванне бацькі, пасля якога яна змагла з'ехаць з краіны, паведамляюць праваабаронцы.
Дзяўчыну затрымалі 15 лістапада і тройчы арыштоўвалі на 15 сутак. 30 снежня Батура не выйшла на волю, бо яе зноў "перазатрымалі". За дзень да гэтага ў Таццяны памёр бацька.
Міліцыянты не хацелі выпускаць яе на пахаванне. Але 31 снежня суддзя Наталля Бугук выпісала пастанову на вызваленне і перанесла суд на 3 студзеня. З-за кратаў Батура трапіла на пахаванне бацькі, а 3 студзеня ўжо была ў бяспецы за межамі Беларусі.
Тым часам суд 3 студзеня завочна прысудзіў ёй чарговыя 15 сутак.
За кратамі Батура 13 дзён трымала галадоўку. 20 дзён з 45 яе трымалі ў карцары. За час зняволення Таццяна схуднела на 8 кг.
Праваабаронцам дзяўчына распавяла пра збіццё міліцыянтамі, пагрозы ў бок родных і нечалавечыя ўмовы на Акрэсціна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.