Палітвязень Уладзімір Кондрусь пераведзены ў турэмны шпіталь

Палітвязня Уладзіміра Кондруся, знясіленага галадоўкай, перавялі ў турэмны шпіталь. Пра гэта 10 жніўня праваабаронцам паведаміў яго бацька — таксама Уладзімір Кондрусь.
Як інфармуе праваабарончы сайт "Вясна", зняволенага змясцілі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь, які знаходзіцца на тэрыторыі СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
Бацькі палітвязня змаглі паразмаўляць з доктарам турэмнай лякарні. Яна распавяла, што зняволенаму ўжо ставілі кропельніцу і што яна пераканала яго спыніць галадоўку. У сувязі з гэтым доктарка папрасіла перадаць пацыенту дзіцячае харчаванне. Медыкі таксама абяцаюць зрабіць Кондрусю зонд, пра што ён сам прасіў.
Таксама бацькі палітвязня наведалі следчага і пакінулі яму прашэнне пра змену меры стрымання да суда, каб паставіць сына на ногі.
Раней паведамлялася, што праваабаронцы Беларусі прызналі Уладзіміра Кондруся палітычным вязнем. У іх заяве гаворыцца, што дзеянні зняволенага нельга кваліфікаваць па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса — "Масавыя беспарадкі". А тэрмін даўнасці па іншых крымінальных артыкулах ужо мінуў.