Падрабязнасці штурму мяжы з боку Польшчы: у дваіх дзяцей — грамадзянства Швецыі
Аўтамабіль BMW на польскай мяжы / RMF FM
Двое дзяцей з BMW, які сёння штурмаваў польскую мяжу, мелі шведскае грамадзянства, перадаюць польскія СМІ.
Як распавядала Еўрарадыё, інцыдэнт здарыўся сёння на беларуска-польскай мяжы. На памежным пераходзе Тэрэспаль-Брэст грамадзянін Расіі, які ехаў з боку Польшчы, пратараніў шлагбаўм. Мужчыну затрымалі.
Як паведамляе RMF FM, аўтамабіль BMW, на якім расіянін прыбыў на кантроль каля 7-й гадзіны раніцы, быў зарэгістраваны ў Швецыі. Разам з мужчынам у салоне была жанчына і трое дзяцей. У дарослых і аднаго з дзяцей было расійскае грамадзянства, а ў дваіх астатніх — шведскае.
Памежнік узяў у іх пашпарты для кантролю. У гэты час мужчына націснуў на газ і паехаў у кірунку памежнага моста. "Аўтамабіль знёс шлагбаўм і пераехаў праз раскладзеныя шыпы. Спыніўся на мосце, бо колы здьмуліся", — цытуе TVN24 словы прадстаўніка Надбужанскага аддзела памежнай аховы капітана Дарыюша Сенніцкага.
Жанчына і трое дзяцей перайшлі мост і апынуліся на тэрыторыі Беларусі. Мужчыну затрымалі. Яму пагражае адказнасць за спробу сілавога перасячэння мяжы і знішчэнне маёмасці.
Як удакладняе Сенніцкі, на таран мужчына пайшоў, верагодна, таму, што двое дзяцей са шведскімі пашпартамі не маюць права пакідаць Швецыю.