Падчас выступу Макса Каржа ў Варшаве затрымалі больш за 100 чалавек

Паліцыя каля варшаўскага стадыёна, дзе праходзіў канцэрт Макса Каржа

Паліцыя каля варшаўскага стадыёна, дзе праходзіў канцэрт Макса Каржа / ksp.policja.gov.pl

Варшаўская паліцыя адзначыла канцэрт рэпера Макса Каржа як мерапрыемства з самай вялікай колькасцю інцыдэнтаў за мінулыя выходныя.

Паведамляецца, што з 8 па 10 жніўня паліцыя польскай сталіцы забяспечвала парадак на розных масавых мерапрыемствах, у тым ліку на канцэрце Макса Каржа на стадыёне PGE Narodowy.

Падчас канцэрту за парушэнні былі затрыманыя 109 чалавек — за захоўванне наркотыкаў, выкарыстанне піратэхнікі ды супраціў ахове. Паліцыя выпісала 50 штрафаў на суму больш за 11 тысяч злотых. Акрамя таго, у суд былі накіраваныя 38 спраў, звязаных з гэтым канцэртам.

У прэс-службе паліцыі адзначаюць, што парадак у гэтыя выходныя давялося забяспечваць і на іншых мерапрыемствах, у тым ліку на футбольным матчы. Аднак большасць інцыдэнтаў і затрыманняў прыпала менавіта на канцэрт беларускага спевака.

Агулам за тры дні паліцыянты затрымалі 125 чалавек, выпісалі 99 штрафаў і пачалі 39 судовых спраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.