Падаткавікі патлумачылі, чаму ў агенцтвы нерухомасці прыходзілі "маскі-шоу"

Нерухомасць, ілюстрацыйнае фота
Працу агенцтваў нерухомасці ў Беларусі працягнуць правяраць. Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Муквіч.
Чыноўнік патлумачыў, што падаткавікі і сілавікі выкрылі "сур'ёзныя сістэматычныя дзеянні" з боку кампаній, якія аказваюць рыэлтарскія паслугі. Паводле яго, гэтыя кампаніі хавалі выручку ад аказаных паслуг.
Пра масавыя ператрусы ў агенцтвах нерухомасці стала вядома на пачатку красавіка. Звесткі пра "маскі-шоу" і затрыманні прыходзілі з розных рэгіёнаў Беларусі. Паводле неафіцыйных крыніц, сілавікі вывучылі гадавыя справаздачы па фінансавых паказчыках і заробках у агенцтвах нерухомасці. Пасля гэтага яны прыйшлі ў тыя кампаніі, якія падазравалі ва ўхіленні ад падаткаў, атрыманні грошай "міма касы" і выплаце заробкаў у канвертах.
Як заявіў Уладзімір Муквіч, некаторыя фірмы "пайшлі на добраахвотнае развязанне" пытанняў. Мяркуючы па ўсім, кампаніі аплацілі выстаўлены "цэннік", пагасіўшы налічаныя даплаты.
"Па шэрагу кампаній будзе прынята рашэнне па прызначэнні праверак", — дадаў намеснік міністра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.