Падаляк назваў колькасць украінскіх вайскоўцаў, загінулых на вайне з Расіяй
Міхаіл Падаляк / twitter.com/dw_russian
Страты ўкраінскага войска за час вайны з Расіяй складаюць ад 10 да 13 тысяч чалавек. Такую лічбу назваў дарадца офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у інтэрв'ю "Каналу 24" 1 снежня.
Раней кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што ад пачатку вайны загіла 100 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Потым у Еўракамісіі патлумачылі, што фон дэр Ляен мела на ўвазе разам і загінулых, і параненых.
"Бясспрэчна, спадарыня Урсула памылілася — гэта відавочна. Таму яны выдалілі гэта відэа, прыбралі гэтыя лічбы. У нас ёсць афіцыйныя ацэнкі Генштаба, якія агучвае Вярхоўны галоўнакамандуючы. Яны складаюць ад 10 да 12,5-13 тысяч загінулых... Так, у нас больш страт з-за раненняў", — пракаментаваў Падаляк.
Таксама ён абверг і лічбу ў 20 тысяч загінулых грамадзянскіх асоб, якую назвала кіраўніца Еўракамісіі. Па яго словах, гэта лічба значна большая, асабліва з улікам таго, што на ўсіх вызваленых тэрыторыях знаходзяць масавыя пахаванні загінулых жыхароў.
Дарэчы, пра 22 тысячы загінулых цывільных асоб украінскія ўлады казалі яшчэ напрыканцы траўня.