Пад Мазыром скутар з маладымі людзьмі трапіў пад лесавоз, загінулі абодва

У ДТЗ пад Мазыром 4 красавіка загінулі два маладыя хлопцы — аднаму было 20 гадоў, другому 15, піша tut.by.
Па словах відавочцаў, 20-гадовы хлопец ехаў на скутары па дарозе ад Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. З ім ехаў 15-гадовы пасажыр. Каля горада кіроўца вырашыў справа абагнаць МАЗ, які рухаўся ў спадарожным кірунку. У гэты час скутар і аўтамабіль параўняліся з пешаходамі, якія ішлі па ўзбочыне. Кіроўца скутара збіў 33-гадовага мужчыну, які ішоў узбоч дарогі. Пасля гэтага малады чалавек не справіўся з кіраваннем і літаральна "ўляцеў" пад лесавоз.
І кіроўца скутара, і яго пасажыр загінулі на месцы аўтааварыі. 33-гадовы пешаход шпіталізаваны.
Прадстаўнікі МУС кажуць, што ў кіроўцы скутара не было правоў. Сам скутар не быў зарэгістраваны.