Пад Бахмутам загінулі два беларускія добраахвотнікі
Прозвішчы загінулых не паведамляюцца / t.me/dzianisurbanovich/
Пад Бахмутам ва Украіне загінулі два беларускія добраахвотнікі. Гэта адбылося яшчэ ў ноч з 6 на 7 кастрычніка, паведамляе "Зеркало". Ваяры загінулі, калі снарад разарваўся каля машыны, у якой яны ехалі. Яшчэ адзін беларус быў паранены.
Адзначаецца, што раней байцы ваявалі ў складзе батальёна "Волат" палка Каліноўскага, але пасля перайшлі ў іншае падраздзяленне. Сваякам добраахвотнікаў ужо паведамілі пра іх гібель.
У верасні некалькі беларусаў з батальёна "Волат" былі параненыя ў баях на поўдзень ад Бахмута. Сярод іх быў Дзяніс Урбановіч ("Ваўкалак"). У пачатку кастрычніка стала вядома пра гібель некалькіх байцоў батальёна "Тэрор", які ўваходзіць у склад Беларускага добраахвотніцкага корпуса.