"Пачатак канца правых" — Роза Турарбекава пра вынікі выбараў у Францыі
Парыж / unsplash.com
— Тое, што ў Францыі спынілі правых радыкалаў, у якіх мы зусім не зацікаўленыя, — гэта цудоўная навіна, — каментуе вынікі другога тура парламенцкіх выбараў у Францыі гісторык і палітолаг Роза Турарбекава. — Гэта людзі з сумнеўнай крэдытнай гісторыяй і сумнеўнымі сувязямі з Крамлём.
"Нацыянальнае аб'яднанне" Марын Ле Пэн заняло першае месца па выніках першага тура і спадзявалася на высокі вынік 7 ліпеня. Але напярэдадні другога тура кааліцыя Макрона зняла з выбараў 200 кандыдатаў, каб яны не адбіралі галасы ў сваіх менш радыкальных супернікаў. Так атрымалася прадухіліць перамогу ультраправых.
Па словах суразмоўніцы Еўрарадыё, перамога кааліцыі левых партый "Новы народны фронт" яшчэ раз дэманструе нам, што сацыялогія — навука, якой не варта давяраць безаглядна.
— Гэтым французы заўсёды адрозніваліся і былі цікавыя, — кажа Турабекава. — І гэта не значыць, што яны непаслядоўныя. Проста яны могуць літаральна змяняць ход гісторыі. Францыя заўсёды давала такі прыклад ідэй, думак, рухаў, якія потым мелі глабальнае значэнне.