Беларусь увяла месячны "бязвіз" для жыхароў Літвы і Латвіі ў красавіку, а днямі яго падоўжыла да канца 2022 года. Дзяржаўная прапаганда ў Беларусі актыўна гэта выкарыстоўвае. Той жа Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў заходніх краінах няма... крупы і солі, таму іх жыхары стаяць у чэргах на ўезд у Беларусь, каб купіць гэтыя прадукты.
Прэс-сакратар Ціханоўскай Ганна Красуліна звяртае ўвагу на выкарыстанне аб'яўленага "бязвізу" прапагандай. Пры гэтым у Офісе Святланы Ціханоўскай не бачаць нічога дрэннага ў наведванні сваякоў і месцаў пахаванняў у Беларусі. Але ёсць і іншае. Не толькі палітвязні ў РБ, але і тое, што набываючы тавары, літоўцы і латышы падтрымліваюць бюджэт краіны, якая выступае саюзнікам Расіі ў агрэсіі супраць Украіны.
"Калі замежнікі едуць у забаўляльна-турыстычныя паездкі ў Беларусь у такіх умовах, атрымліваецца, што яны проста заплюшчваюць вочы на ўсе палітычныя праблемы і несправядлівасць, якія там адбываюцца, — кажа Красуліна. — ...Палітычныя зняволеныя ў Беларусі — гэта, як і ў савецкія часы ў Літве і Латвіі, — лепшыя людзі краіны, якія не рабілі нічога дрэннага, але выказвалі сваю пазіцыю ў дачыненні да нелегітымнай улады, гвалту і беззаконня ў краіне".
Улады Літвы і Латвіі раней выказвалі трывогу з-за паездак сваіх грамадзян у Беларусь. Яны не выключалі правакацый і нават іх вярбоўкі.
Цікава, што і Латвія, і Літва ўваходзяць у спіс "недружалюбных краін", складзены у Мінску.