Нямецкія эксперты: Уся беларуская вышэйшая ліга каштуе “палову” Месі
Кошт абаронцы БАТЭ Неманьі Муланавіча з красавіка 2015 года ўзрост з 500 тысяч да паўтара мільёна еўра. Такія дадзеныя прыводзіць Прессбол са спасылкай на нямецкі ацэначны сайт transfermarkt.de. Такім чынам, сербскі легіянер займае другое месца ў дзясятцы самых дарагіх футбалістаў чэмпіянату Беларусі і саступае толькі Дзянісу Палякову, якога ацанілі ў 1,6 мільёна еўра. А вось Віталь Радзівонаў і Аляксандр Валадзько за апошнія месяцы патаннелі і цяпер “каштуюць” 800 тысяч і 1,2 мільёна еўра адпаведна. Сумарны кошт складу БАТЭ эксперты ацанілі ў 19,15 мільёна еўра.
А вось мінскае футбольнае “Дынама” каштуе ў суме амаль удвая меней за барысаўскі клуб — 11,10 мільёна еўра. Самы дарагі ў “бела-блакітных” — чарнагорскі форвард Фатас Бечырай (1,2 мільёна еўра). Сумарны кошт салігорскага “Шахцёра” ацанілі ў 5,8 мільёна еўра і самыя дарагія гульцы гэтай каманды — Аляксей Янушкевіч і Сяргей Мацвейчык, за якіх нямецкія ацэншчыкі даюць па 600 тысяч еўра.
Самым танным клубам беларускага чэмпіянату прызналі сёлетняга аўтсайдэра — за ўвесь склад “Гомеля” даюць 1,7 мільёна еўра, то бок, амаль столькі, колькі каштуе адзін найлепшы футбаліст БАТЭ.
Агульны кошт клубаў беларускай вышэйшай лігі — 65,75 мільёна еўра. Для параўнання — трансферны кошт аднаго Ліянэля Месі — 120 мільёнаў еўра.
Фота: wsport.com.ua