Новы сумесны праект з уладамі Беларусі будзе каштаваць ЕС 1 мільён еўра
За гэтыя грошы будуць удасканальваць беларускае заканадаўства, праводзіць навучальныя семінары для чыноўнікаў і экспертаў ды кансультацыі.
18 кастрычніка ў сталічным Прэзідэнт-гатэлі праходзіць канферэнцыя “Умацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў галіне прымянення механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства”. Яна адбываецца ў межах сумеснага праекта ЕС і ПРААН — з аднаго боку, ды Міністэрства эканомікі Беларусі — з другога.
Кіраўніца Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора ў размове з Еўрарадыё выказвае спадзяванне, што ў беларускіх уладаў хопіць палітычнай волі на рэалізацыю гэтага “мадэрнізацыйнага” праекту.
Майра Мора: “Я думаю, што прысутнасць міністра (міністра эканомікі Мікалая Снапкова — Еўрарадыё), прысутнасць прадстаўніка прэм’ер-міністра і прысутнасць прадстаўніка прэзідэнцкай адміністрацыі (Кірыл Руды — Еўрарадыё) даволі яскрава сведчыць пра наяўнасць палітычнай волі і зацікаўленасці ў такіх праектах”.
Праект разлічаны на два гады — да траўня 2015 года. За гэты час яго арганізатары абяцаюць, што “Міністэрствы эканамічнага блоку і дзяржаўныя органы стануць вядучымі інстытутамі па прасоўванню дзяржаўна-прыватнага партнёрства, засвояць новыя метады фінансавага праектавання і кіравання рызыкамі ў гэтых праектах”.
А прыватны бізнес і прадпрымальніцкія асацыяцыі “пазнаёмяцца з лепшымі сусветнымі практыкамі ў галіне дзяржаўна-прыватнага партнёрства і патэнцыяле супрацоўніцтва з дзяржавай пры рэалізацыі сумесных праектаў”.