Новы пакет санкцый ЕС заблакавалі Венгрыя і Славакія

Кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта / globallookpress.com
Міністры замежных спраў краін Еўрасаюза не змаглі ўзгадніць новы пакет санкцый супраць Расіі і Беларусі. Яго заблакавалі Венгрыя і Славакія. Пра гэта расказаў міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта.
Паводле Сіярта, у ЕС планавалі прыняць "самы ўсёабдымны пакет санкцый", пад які трапіў бы расійскі энергетычны сектар.
"Аднак мы разам са Славакіяй сёння прадухілілі прыняцце пакета санкцый, і мы зрабілі гэта таму, што паралельна з усім гэтым Еўрапейскі Саюз хоча забараніць дзяржавам-чальцам, уключаючы Венгрыю і Славакію, купляць танны расійскі прыродны газ і танную расійскую сырую нафту, як яны гэта рабілі дагэтуль. Гэта прапанова разбурыла б энергетычную бяспеку Венгрыі", — заявіў ён.
Таксама кіраўнік МЗС Венгрыі сказаў, што яго краіна выступае супраць фінансавання Украіны і дадатковых паставак узбраенняў ёй.
Раней паведамлялася, што ў 18-ы пакет санкцый ЕС супраць Расіі павінны ўвайсці і абмежаванні на беларускія банкі, на пастаўкі. Акрамя таго ў санкцыйныя спісы мусілі быць уключаныя некаторыя дадатковыя прадпрыемствы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.