Новы для Беларусі грыб знайшлі ў Белавежскай пушчы

Гіганцкі мерыпілус, знойдзены ў Белавежскай пушчы / npbp.by
У Белавежскай пушчы ў жніўні 2024 года ўпершыню выявілі грыб, вонкава падобны на від, які раней не фіксаваўся ў Беларусі, — мерыпілус гіганцкі (Meripilus giganteus). Навукоўцы з Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі пасля лабараторных даследаванняў пацвердзілі, што знойдзены грыб належыць менавіта да гэтага віду.
Як адзначаюць супрацоўнікі Нацпарка Белавежская пушча, вонкава гэты грыб вельмі прыгожы. Ён расце каля ствалоў і пнёў многіх лісцяных дрэў, аддаючы перавагу дубу. Пладовыя целы грыба могуць расці таксама на пагружанай у глебу драўніне, пры гэтым яны маюць шматлікія капялюшыкі.
Маса пладовага цела ў буйных асобнікаў мерыпілуса гіганцкага можа дасягаць 25-30 кг. Ён лічыцца ядомым, але рэкамендуецца выкарыстоўваць у ежу толькі маладыя мерыпілусы, якія маюць мяккую і пяшчотную макаць. Праўда, у некаторых людзей гэты грыб можа выклікаць нястраўнасць.


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.