Новага канцлера Германіі выбралі з другой спробы

Фрыдрых Мерц стаў канцлерам Германіі

Фрыдрых Мерц стаў канцлерам Германіі / Hannibal Hanschke/REUTERS

Бундэстаг з другой спробы ўхваліў кандыдытуру Фрыдрыха Мерца на пасаду канцлера Германіі. За яго прагаласавалі 325 дэпутатаў пры неабходных 316.

Мерц прадстаўляе Хрысціянска-дэмакратычны і Хрысціянска-сацыяльны саюзы (ХДС/ХСС). Ён будзе дзясятым канцлерам у гісторыі ФРГ. Яму належыць узначаліць кааліцыйны ўрад з сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі (СДПГ).

6 траўня ў Бундэстагу адбыліся два туры галасавання па кандыдатуры канцлера. У першым туры Мерцу не ўдалося атрымаць абсалютную большасць — за яго аддалі свае галасы толькі 310 дэпутатаў. Гэта быў першы такі выпадак у гісторыі ФРГ. Хто менавіта з дэпутатаў ад ХДС/ХСС і СДПГ не падтрымаў Мерца, невядома, бо галасаванне было таемным. Агулам абедзве партыі маюць у парламенце 328 з 630 месцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.