Ніну Багінскую вызвалілі без пакарання

Ніна Багінская / Белсат
Ніну Багінскую ў судзе вызвалілі без пакарання, а яе справу спынілі. Крымінальную справу 78-гадовай апазіцыйнай актывісткі разглядалі 30 траўня ў Савецкім судзе Мінска.
Багінскую вінавацілі ў неаднаразовым парушэнні закона аб правядзенні масавых мерапрыемстваў (арт. 342-2 КК). Нагодай сталі яе выхады ў 2024 годзе на мінскія вуліцы з бел-чырвона-белымі значкамі і нацыянальнай сімволікай — улады расцэньваюць гэта як "несанкцыянаваныя пікеты".
Разгляд справы адбываўся ў закрытым рэжыме, паведамляе "Белсат". Суд пачаўся ў 10:30, цягнуўся каля дзвюх гадзін і скончыўся спыненнем крымінальнай справы. Суддзя Максім Трусевіч, вядомы шматлікімі палітычнымі прысудамі, прызначыў Багінскай "прэвентыўны нагляд". Магчыма, ён улічыў узрост Багінскай, нязначнасць "правапарушэння" (значок на каўнерыку паліто) і ўжыў артыкул 79 КК — "Асуджэнне без прызначэння пакарання".
Паведамляецца, што Багінская прынесла з сабой на суд дыск з запісам прамовы Аляксандра Лукашэнкі. 20 кастрычніка 2020 года ён выказаўся пра актывістку: "Вы глядзіце толькі — Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў".
У Багінскай вялікія праблемы са здароўем: яна мае шэраг цяжкіх хранічных захворванняў. Жанчына прынесла на суд дакументы, якія пацвярджаюць дыягназы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.