Найбуйнейшы брытанскі банк спыніў прымаць плацяжы з Беларусі
Брытанскія фунты / unsplash
Брытанска-ганконская банкаўская група HSBC спыніла апрацоўку ўсіх плацяжоў фізічных асоб з Беларусі і Расіі, піша Reuters.
У заяве банка гаворыцца, што любыя плацяжы, апрацаваныя праз HSBC з удзелам Расіі ці Беларусі, могуць быць затрыманыя, адхіленыя і ануляваныя па меркаванні банка.
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну шэраг заходніх краін увялі фінансавыя санкцыі. Банкі па ўсім свеце спыняюць працаваць з Расіяй і Беларуссю, якую многія лічаць агрэсарам у вайне. З усіх еўрапейскіх банкаў HSBC асабліва адчувальны да нагляду з боку ўладаў ЗША.