Наталля Кісель зняла сваю кандыдатуру з прэзідэнцкай гонкі
Наталля Кісель здымае сваю кандыдатуру і выходзіць з прэзідэнцкай гонкі.
Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую падпісалі Наталля Кісель і кіраўнік яе ініцыятыўнай групы Сяргей Штода.
У заяве паведамляецца, што зняццё на карысць "больш дасведчанага кандыдата" да 10-15 чэрвеня было запланавана першапачаткова. Праз сваё вылучэнне Кісель планавала прыцягнуць увагу да жыццёва важных пытанняў малога бізнесу, а таксама да праблемы выдачы" дазволаў", сістэмы BelToll, транспартных падаткаў і пошлінаў.
Паведамлялася, што ініцыятыўная група Кісель сабрала больш за 108 тысяч подпісаў. Аднак у гутарцы з журналістам "Нашай Нівы" Сяргей Штода прызнаўся, што збор подпісаў ішоў з парушэннем закону: іх збіралі не 147 чальцоў ініцыятыўнай групы, а 2500 чалавек.
Сабраныя подпісы група Кісель намераная перадаць "у агульны кошык" выбарнай кампаніі, раўназначна падзяліўшы іх паміж сямю кандыдатамі: Святланай Ціханоўскай, Алегам Гайдукевічам (ён, дарэчы, таксама зняўся з выбараў), Юрыем Губарэвічам, Ганнай Канапацкай, Андрэем Дзмітрыевым, Валерыем Цапкалам і Аляксандрам Лукашэнкам.
Еўрарадыё пацікавілася ў Наталлі Кісель, чаму яна не ўключыла ў гэты спіс Віктара Бабарыку, затое дадала ў яго Алега Гайдукевіча, які зняўся з выбараў яшчэ раней. "У мяне з гэтай нагоды каментароў няма", — адказала цяпер ужо экс-вылучэнка ў прэзідэнты.
У Беларусі, дарэчы, закон не прадугледжвае перадачы галасоў паміж прэтэндэнтамі за вылучэнне на выбары.
У сваёй заяве Кісель і Штода выказваюць упэўненасць, што на выбарах пераможа Аляксандр Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.