Налета ў чэмпіянаце Беларусі па футболе не будзе пераходных матчаў

Ратацыя паміж вышэйшай і першай лігамі чэмпіянату Беларусі па футболе па выніках 2015 году пройдзе без пераходных матчаў. Адпаведнае рашэнне прыняў выканкам Беларускай федэрацыі футболу, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу БФБ.

Каманда, якая зойме ў вышэйшай лізе апошняе 14-е месца, выбывае ў першую лігу. А ў элітны дывізіён трапяць тры найлепшыя каманды першай лігі, і ў 2016 годзе ў вышэйшай лізе будзе 16 каманд.

У такім самым фармаце адбудзецца ратацыя паміж першай і другой лігамі.

Калі нейкая з каманд, заваяваўшы права на павышэнне, не атрымае ліцэнзіі або не зможа прыняць удзел у турніры наступнага сезону па нейкіх аб’ектыўных прычынах, такое права пераходзіць да клуба, які заняў наступнае месца ў турнірнай табліцы. Пры гэтым такі клуб павінен мець не ніжэй за 6-е месца.