Нацбанк прагназуе зніжэнне ліміту разлікаў наяўнымі ў Беларусі

У Беларусі ўпершыню прыняты ўказ, які ўводзіць ліміт разлікаў наяўнымі ў 1 тысячу базавых велічынь (150 млн рублёў). І гэты ліміт будзе зніжацца. Пра гэта ў каментары БЕЛТА заявіла Людміла Стэфановіч, начальнік упраўлення развіцця банкаўскіх плацёжных картак і электронных грошай Нацыянальнага банка Беларусі.

Паводле слоў Стэфановіч, у працэсе рэалізацыі дакумента мусіць павысіцца празрыстасць разлікаў паміж суб'ектамі гаспадарання і насельніцтвам.

Указ № 493 "Аб развіцці безнаяўных разлікаў" пачне дзейнічаць з 19 красавіка 2015 года. Да таго часу ў адпаведнасць з дакументам будзе прыведзеная нарматыўная прававая база. У Нацбанку мяркуюць, што змены будуць уносіцца, у тым ліку ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Штрафамі могуць караць за перавышэнне ліміту разлікаў наяўнымі. Пакуль гэтае пытанне вывучаецца ў Нацбанку.

Нагадаем, што, у адпаведнасці з указам, ліміт разлікаў не распаўсюджваецца на плацяжы фізічных асоб за тавары (працы, паслугі), калі наяўныя грошы ўносяцца непасрэдна ў касы банкаў для залічэння на банкаўскія рахункі юрыдычных асоб, ІП.