На збітага журналіста "Свабоды" склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыі

Журналіста Радыё "Свабода" Антона Трафімовіча 17 ліпеня затрымалі па дарозе ў судмедэкспертызу і даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, перадае Радыё "Свабода".
Як паведамлялася раней, 15 ліпеня Трафімовіча жорстка затрымалі ў цэнтры Мінска пасля заканчэння стрыма ад Цэнтарвыбаркама. Пры затрыманні яму зламалі нос: пазней дактары наклалі яму швы. На наступны дзень міліцыя заявіла, што журналіст аказваў супраціў, таму супраць яго ўжылі фізічную сілу.
Сам Трафімовіч лічыць, што гэтымі заявамі міліцыя спрабуе апраўдаць гвалт супраць яго. Сам ён падаў заяву ў Следчы камітэт за перашкоду журналісцкай дзейнасці (арт.198 Крымінальнага кодэкса).
Зранку 17 ліпеня ён ехаў здымаць пабоі ў судмедэкспертызу. На вуліцы Кіжаватава да яго падышлі міліцыянты, забралі тэлефон і завезлі ў Заводскі РУУС. На думку Трафімовіча, яго адмыслова чакалі. Зранку яму тэлефанавалі з Заводсзкага РУУСа, прасілі прыехаць на 10 хвілін. Аднак інспектар не згадваў пра адміністрацыйны працэс. "Лічу, што мяне хацелі завабіць туды падманам", — кажа Трафімовіч.
У міліцыі журналіста пратрымалі дзве гадзіны. Ён адмовіўся даваць паказанні і не падпісаў пратаколы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.