Некалькі краін пагадзіліся адправіць міратворцаў ва Украіну — Падаляк
Міхаіл Падаляк, саветнік Офіса прэзідэнта Украіны
Вялікабрытанія, Францыя, Германія і Турцыя гатовыя адправіць міратворцаў ва Украіну пасля заканчэння вайны, заявіў саветнік Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у інтэрв’ю "Новини Live".
"Узнікае пытанне, хто будзе фінансаваць усё? Хто будзе прысутнічаць, каб інтэграваць усё ў адзіную сістэму і хто будзе мадэраваць працэсы стрымлівання Расіі? І тады ўзнікае пытанне, што тут павінны прысутнічаць прадстаўнікі іншых краін, якія ў гэтым зацікаўлены — як Вялікабрытанія", — сказаў Падаляк.
Вядучая задала ўдакладняючае пытанне. З адказу Падаляка вынікае, што Францыя, Германія і Турцыя таксама гатовыя адправіць міратворцаў ва Украіну.
Сёння прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што плануе сустрэцца з амерыканскім калегам Дональдам Трампам у найбліжэйшы час. Напярэдадні ён распавёў пра свой "мірны план" з 20 пунктаў, створаны на аснове амерыканскіх прапаноў з улікам расійскіх пажаданняў.