Зяленскі: "Пуцін не можа прымірыцца з тым, што трэба перастаць забіваць"

Наступствы начнога ўдару Расіі па Украіне

Наступствы начнога ўдару Расіі па Украіне / ДСНС Киева

Расія запусціла па Украіне больш за 650 дронаў і каля 30 ракет, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле ягоных дадзеных, расіяне абстрэльвалі аб’екты энергетыкі і грамадзянскай інфраструктуры. Пад ударам апынуліся як мінімум 13 абласцей.

"Удар перад Раством, калі людзі хочуць проста быць са сваімі блізкімі, дома, у бяспецы. Удар фактычна ў разгар перамоваў, якія вядуцца, каб скончыць гэтую вайну. Пуцін ніяк не можа прымірыцца з тым, што трэба перастаць забіваць", — сказаў прэзідэнт Украіны.

У Кіеўскай вобласці ад удара расійскага дрона загінула жанчына. Вядома пра загінулага чалавека ў Хмельніцкай вобласці. У Жытомірскай вобласці загінула чатырохгадовая дзяўчынка — расійскі дрон трапіў у жылы дом.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.